«ЗЯМЛЯ  МАЯ»

/прэзентацыя серыі кніг навукова-папулярнага выдання «Зямля мая»/

ДЗЕЮЧЫЯ  АСОБЫ:  хлопец Васіль, дзяўчына Ганна,

 

ВАСІЛЬ. Добры дзень, дарагія сябры!

ГАННА.. Шчыра вітаем вас на прэзентацыі кніг з серыі  навукова-папулярнага выдання “Зямля мая”!

ВАСІЛЬ. Я хачу правесці вас  па зямлі, якая для мяне – і, мабыць, не толькі для мяне – даражэйшая за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут.

Блакіт нябёс, і белы бусел,

І кветкі ў полі, як абрус…

Мой край завецца Беларуссю,

І сам я – хлопец-беларус.

ГАННА.  Беларусь заўжды славілася сваімі прыроднымі багаццямі: лясамі ды балотамі, рэкамі, азёрамі, звярамі ды птушкамі, шчодрымі нетрамі, ураджайнымі нівамі і сенажацямі.

Як называецца дзіўна…

Ты пра яе раскажы.

Белая Русь – радзіма

Перад табой ляжыць.

ВАСІЛЬ. Хто з нас у дзяцінстве не марыў адправіцца ў далёкае падарожжа, пабачыць таямнічыя краіны, сустрэцца з рэдкімі жывёламі і птушкамі?

ГАННА.  Пэўна, кожнага з нас хоць аднойчы наведвалі такія думкі. Але, нажаль, толькі шчасліўцам выпадае ажыцявіць свае заветныя мары. А што, калі мы прапануем зараз з намі адправіцца падарожнічаць у краіну Птушак, краіну Звяроў, краіну Рыб і краіну Раслін?

ВАСІЛЬ. Для гэтага зусім неабавязкова звяртацца ў турыстычнае агенцтва, купляць пуцёўку альбо білет на самалёт. Дастаткова толькі адчыніць дзверы бібліятэкі, пераступіць парог і…

(Васіль апранае галаўны ўбор пілота).

ГАННА. Вой, Васіль, ты што, пілот?

ВАСІЛЬ. Так, Ганна, я – пілот, а вы – пасажыры самалёта, які данясе нас да краіны Птушак усяго за 5 хвілін! Ну, у добры шлях!

(Васіль і Ганна уходзяць. Пачынаецца музычны нумар.)

ГАННА. Вой, Васіль, дзе мы?

(Выходзіць чапля).

ЧАПЛЯ. Сардэчна запрашаю вас у краіну Птушак!

І салавей, і дрозд, і голуб,

І перапёлка, і жаўна…

О, колькі спеваў іх вясёлых

Нам дорыць наша старана!         /К. Кірэенка/

І гэта сапраўды так. У наш час на Беларусі налічваецца 311 відаў птушак. Усё птушынае насельніцтва нашага рэгіёна можна падзяліць на некалькі асноўных груп: пералётныя птушкі, аседлыя віды, якіх можна ўбачыць падчас міграцыі і выпадкова залётныя віды.

Нарысы, апублікаваныя на старонках кнігі В. Зуёнка “Птушкі”, пазнаёмяць вас з беларускімі птушкамі, якіх можна ўбачыць на вуліцах, у гарадах, у садах і парках. Біялогія, знешні выгляд,, найбольш характэрныя рысы паводзін канаплянкі, шпака, шэрай вароны, сарокі, сіняй сініцы і іншых птушак зацікавяць кожнага з вас. А ў канцы кнігі дадзены агульныя правілы пабудовы і развешвання птушыных гнёздаў.

ВАСІЛЬ. Дзякуем цябе, чапля! Мы абавязкова прачытаем кнігу “Птушкі”.

ЧАПЛЯ.  Да пабачэння!

ГАННА. Ведаеце, дзеці, у школе я вельмі любіла батаніку і заалогію. Не таму толькі, што гэтыя прадметы самі па сабе цікавыя, але яшчэ і таму, што мне падабалася, як выкладала іх мая настаўніца. Гэтая чапля таксама так цікава расказвала. Слухала б і слухала!

ВАСІЛЬ. Крочым тады далей. (Апранае галаўны ўбор машыніста цягніка.) Запрашаю ўсіх на наш цягнік. Мы не будзем трэсціся ў ім доўгія гадзіны. Цягнік даімчыць нас да краіны Звяроў за 5 хвілін!

(Васіль і Ганна ўходзяць. Пачынаецца музычны нумар. Затым выходзіць мядзведзь.)

МЯДЗВЕДЗЬ. Шчыра вітаю вас, вандроўнікі!

ГАННА. Добры дзень, мішка! Якая цудоўная ваша краіна! А якая вялікая!

ВАСІЛЬ. Каб нам тут не заблудзіць, мішка, будзь, калі ласка, нашым гідам!

МЯДЗВЕДЗЬ. З вялікай радасцю! Ну, слухайце уважліва. Жыў-быў… Так пачынаюцца казкі мудрыя і таямнічыя – пра лісіцу, зайца, ваўка, а то і пра мяне. А вось аўтар кнігі А. Наварыч “Звяры” вельмі спадзяецца, што нарысы, якія ён прапануе вашай увазе, будуць цікавымі і дапамогуць вам больш уважліва і ўдумліва назіраць за нашымі меньшымі братамі: барсуком, вавёркай, вожыкам, гарнастаем, ласкай і многімі іншымі жывёламі.

ВАСІЛЬ. Вялікі дзякуй табе, мішка! Мы абавязкова прачытаем і гэту кнігу. Да пабачэння!

МЯДЗВЕДЗЬ. Добрага вам шляху!

ГАННА.

Край мой там, дзе рэчак хвалі

І пліскочуць і плывуць-

Што далей – да новых даляў

Мяне клічуць і завуць.           /А. Гурло/

ВАСІЛЬ. Бачу, Ганна, ты яшчэ не стамілася? А вы? (Звяртаецца да дзяцей.) Тады наша падарожжа працягваецца. (Апранае галаўны ўбор капітана карабля.) Калі ласка, запрашаю ўсіх на наш карабль! Мы паплывём на ім у цудоўную краіну Рыб.

( Пачынаецца  музычны нумар. Затым выходзіць рыба.)

РЫБА. З добрым прыбыццём!

ГАННА. Прывітанне, рыбка!

РЫБА. Ведаю, ведаю, што вы хочаце ад мяне пачуць. Слухайце і запамінайце! Усіх рыб па асяроддзі і існаванні падзяляюць на дзве вялікія экалагічныя групы: марскіх ці саланаводных, азёрна-рачных, ці прэснаводных. Сярод апошніх выдзяляюць туводных, ці жылых, якія ўсё жыццё праводзяць у прэснай вадзе, і праходных, якія мігрыруюць з салёнай вады ў прэсную для размнажэння: асетр атлантычны, бялуга чарнаморская, вугор рачны, выразуб, лось атлантычны і многія іншыя рыбы. Аб гэтай цікавай экалагічнай групе праходных рыб аўтар А. Зубей апавядае ў кнізе “Рыбы”.

ГАННА. Дзякуй табе, рыбка! Цяпер мы будзем ведаць аб вашай краіне яшчэ больш.

РЫБА. Да сустрэчы!

ГАННА. Васіль, якое ў цябе прыгожае імя! Васілёк! Быццам, кветка!

ВАСІЛЬ. А кветкі васількі, Ганна, яшчэ прыгажэй.

ГАННА. Я нешта трошкі прытамілася, можа сходзім адпачыць у лес, палюбуемся на васількі?

ВАСІЛЬ. З вялікім задавальненнем!

(Ганна і Васіль уходзяць. Пачынаецца музычны нумар. Зал упрыгожаны кветкамі.)

ГАННА. Якая прыгожая паляна! Як тут хораша і ціха! Колькі кветак!

ВАСІЛЬ. (Дарыць Ганне кветку. Выходзіць дзяўчына, апранутая ў касцюм кветкі.)

КВЕТКА. На беларускай зямлі вядома каля 1800 відаў кветкавых раслін. У час прагулкі па лесу ці рэчкі могуць  узнікнуць пытанні – якая кветка самая буйная, якая самая маленькая, якая першай расцвітае. Кніга А. Скуратовіча “Расліны” падрабязна раскажа вам аб гэтым. Кісліца, клюква, медуніца, плавун, папараць і многія іншыя расліны чакаюць вас на старонках гэтай кнігі.

ГАННА. Дзякуй, кветачка! Мы сёння ж з Васілём яе прачытаем.

КВЕТКА. Да пабачэння!

ГАННА. (Бярэ ў рукі кошык.)

Люблю, калі з дажджамі спорнымі

Грымяць басістыя грамы.

Тады квяцістымі ўзорамі

Лес упрыгожваюць грыбы.                   /І. Стадольнік/

ВАСІЛЬ. А ці ведаеш ты, Ганна, дзе яны растуць, як іх збіраць і якія з іх ядавітыя? А вы, дзеці?

(Выходзіць хлопец, апрануты ў касцюм грыба.)

ГРЫБ. Збіраць грыбы трэба такім чынам, каб не пашкодзіць грыбніцу. Ніколі не трэба збіраць грыбы, якія выклікаюць у вас падазрэнне. На Беларусі вядома каля 3000 грыбоў. Упрыгожваюць беларускія лясы сваім непаўторным цветам шапкавыя грыбы: зялёнкі, рыжыкі, сасновыя падасінавікі, лісічкі, сыраежкі і многія, многія іншыя. Аб усім гэтым больш падрабязна вы даведаецеся з кнігі Я. Шапаравай “Грыбы”.

ВАСІЛЬ. Дзякуй табе, грыбок! Ты нас вельмі зацікавіў!

ГРЫБ. Да скорай сустрэчы!

ГАННА. (Бярэ ў рукі кошык.) Я зараз жа пачну збіраць грыбы.

ВАСІЛЬ. Пачакай, Ганна, а ці ведаеш ты, што тут могуць поўзаць гадзюкі, вужы, нават прыгаць жабы? Напрыклад, у мяне яны адначасова выклікаюць зацікаўленасць, пасцярожнасць і нават страх.

ГАННА. Сустрэўшыся з гэтымі жывёламі, я не буду іх чапаць. А калі сабяруся адпачыць, уважліва агледжу тое месца, куды захачу прысесць.

(Выходзіць жаба.)

ЖАБА. А яшчэ не трэба рабіць ніякіх агрэсіўных заходаў у бок змяі. Прытрымліваючыся гэтых нескладаных правіл, вы зразумееце, што няма на зямлі істот карысных альбо шкодных, прыгожых альбо брыдкіх – усе яны патрэбны прыродзе, усе яны выконваюць у складаным механізме жыцця пэўную ролю: азёрная жаба, вуж, гадзюка, грабенькаты трытон, балотная чарапаха… Нас не так ужо і багата – 13 і 7 відаў адпаведна –  рэптыліі і амфібіі. А больш падрабязна аб нас вам, паважаныя вандроўнікі, раскажа кніга аўтараў С. Зуёнка, Р. Навіцкага і С. Драбянкова “Земнаводныя. Паўзуны”.

ВАСІЛЬ. Вялікі дзякуй табе, жабка!

ЖАБА. Усяго вам найлепшага! Прыхадзіце яшчэ!

ГАННА. Дарагія сябры! Перагорнуты апошнія старонкі цудоўных кніжак серыі навукова-папулярнага выдання “Зямля мая”. Скончылася наша літаратурнае падарожжа ў цікавы і таямнічы свет прыроды.

ВАСІЛЬ. На гэтым дазвольце развітацца і пажадаць вам поспехаў у пазнанні неабсяжнай роднай Зямлі. Калі параўноўваць усё тое, пра што тут гаварылася, з айсбергам, то здадзецца, што мы закранулі толькі самую вяршыню, а ўсё астатняе засталося пакуль схаваным.

ГАННА. Але вы можаце самастойна пазнаёміцца з жывёламі, птушкамі, рыбамі, раслінамі, якія трапілі на старонкі кніг серыі навукова-папулярнага выдання “Зямля мая”. Поспехаў вам!

ЛІТАРАТУРА:

1. Зуёнак, С. Земнаводныя. Паўзуны [Тэкст]: нарысы / С. Зуёнак [і інш.].-

Мінск : Мастацкая літаратура, 2006.- 62 с.: іл.- (Зямля мая).

2. Зубей, А. Рыбы [Тэкст]: нарысы  /А. Зубей.- Мінск : Мастацкая літаратура, 2005.- 46 с.: іл..- (Зямля мая).

3. Наварыч, А. Звяры [Тэкст]: эцюды /А. Наварыч.-  Мінск : Мастацкая літаратура, 2004.- 46 с.: іл.- (Зямля мая).

4. Скуратовіч, А. Расліны [Тэкст]: нарысы /А. Скуратовіч.- Мінск : Мастацкая літаратура, 2004.- 60 с.: іл.- (Зямля мая).

5. Шапарава, Я. Грыбы [Тэкст]: нарысы /Я. Шапарава.- Мінск : Мастацкая літаратура, 2006.- 54 с.: іл.- (Зямля мая).

 

СКЛАДАЛЬНІК:

Шылянок Т.С., бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі