ОПЫТ РАБОТЫ ЗАЛЕССКОЙ СЕЛЬСКОЙ БИБЛИОТЕКИ

Вёска прапісалася на ўзлессі,
Дзе азёраў сподкі і гаі.
У Залессі так спяваюць песні,
Што зайздросцяць нават салаўі.
Песні тыя – душ людскіх крыніца,
Дзе струменяць чыстыя ключы.
Іх паслухаць – мудрасці напіцца,
Радасцю самоту палячыць.
Веру: не заціхне вёскі голас,
Дзе шуміць паводкаю вада,
Поле росціць ураджайны колас,
Свеціцца наземная “Звязда”.
М. Болсун

 

Залессе – гэта куточак чачэрскай зямлі, з незвычайна багатай гісторыяй, прыродай, самабытнай культурай. Тут можна ўбачыць у жывым выглядзе разнастайныя абрады і звычаі, пачуць старадаўнія народныя песні. У бабуліных куфрах можна сустрэць прыгожыя вышыванкі і ручнікі, абрусы і тканыя посцілкі.
Залеская зямля цудоўная, прыгожая, багатая на таленавітых людзей. Здаўна яна славіцца сваімі ўмельцамі. Ад бацькоў яны атрымалі багатую спадчыну. Яшчэ з сівой даўніны тут захаваліся рамёслы і промыслы. Вялікае развіццё тут мела ткацтва, бо ўменне ткаць было абавязковым для кожнай вясковай жанчыны. Яны займаліся не толькі вырабамі тканіны для пашыву адзення, але і ткалі посцілкі, ручнікі, абрусы, якія з’яўляліся сапраўднымі творамі народнага мастацтва. Ткалі яны розныя ўзоры: «у агуркі», «лачку», «у шклянкі», «капытамі», «разеткамі», але ўнікальным для гэтай вёскі з’яўляецца ўзор «чахонькі». Вядомыя майстрыхі ткацтва Міхалькова Марыя Пракопаўна, Загорцава Марыя Сцяпанаўна і інш. Нягледзячы на ўзрост, і сёння праводзіць заняткі для дзяцей ткачыха  Таццяна Віктараўна Трушкова (1935 г.н.).

Не перавяліся ў Залессі  і майстрыхі вышывання. Сваё майстэрства перадаюць дзяўчынкам – падлеткам         Загорцава Еўдакія Якаўлеўна (1941г.н.) і Бабкунова                                                                                                   Еўдакія Ягораўна (1942г.н.), члены аматарскага аб’яднання «Гаспадыня», якое працуе пры бібліятэцы.

Вёска Залессе заўсёды славілася тым, што вельмі ўжо маляўнічыя тут мясціны. Зялёнае                                       разнатраўе лугавін летам, блакітныя азёры, сасновыя бары. Абапал вёску абступае лясны гушчар са спеўнай цішынёй. Тут склалася  і свая традыцыя  песеннай культуры.

Залеская сельская бібліятэка
Гісторыя існавання Залескай сельскай бібліятэкі пачынаецца з 1926 года. Гэта была хата-чытальня. Першым загадчыкам быў Драбышэўскі. Для залескай хаты-чытальні ў воласці было выдзелена 45 экзэмпляраў кніг. Кнігі ўсе былі выдадзены на беларускай мове.
На працягу існавання бібліятэка заўсёды з’яўлялася не толькі інфармацыйным, але і цэнтрам духоўных зносін. У 1981 годзе бібліятэка размясцілася на другім паверсе новага Дом культуры.
Сёння Залеская сельская бібліятэка – гэта інфармацыйная, культурна-асветніцкая ўстанова, якая забяспечвае сельскім жыхарам доступ да інфармацыі і ведаў, Інтэрнэту і электроннай пошты. Яе фонд налічвае больш за 15000 твораў друку і электронных выданняў. Тут можна карысна правесці свой вольны час. Але галоўнае, што сучасная Залеская бібліятэка з’яўляецца тым асяродкам, дзе захоўваецца інтэлектуальны скарб многіх пакаленняў заляшан, сапраўдным цэнтрам вывучэння гісторыі роднага краю.
З 2005 года ўзначальвае бібіліятэку прафесіянал, настойлівая і патрабавальная, чулая і ўважлівая, цудоўная майстрыха, вельмі творчы чалавек – Хрысціна Марына Пятроўна.
Марына Пятроўна – працягвальніца бібліятэчнай дынастыі. Яна актыўна працягвае працу клуба «Гаспадыня» і музея «Беларуская хатка», з юнацкіх гадоў з’яўляецца ўдзельніцай Залескага народнага хору, стварыла куток «Баявой Славы». Прапагандуючы традыцыйную культуру краю, вялікую ўвагу надае пераемнасці ў пытаннях выхавання дзяцей і падлеткаў. Яна ўмела выкарыстоўвае сабраныя фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, арганізоўвае розныя мерапрыемствы: сустрэчы з мясцовымі майстрамі, абрадавыя святы. Краязнаўча-пошукавую дзейнасць бібліятэкар ажыццяўляе разам з дзецьмі ў час краязнаўчых экспедыцый «Дакраніся да гісторыі вёскі».

Распаўсюджванне чытання і кнігі сяроддзяцей і падлеткаў Бібліятэкар лічыць адной са сваіх асноўных задач – распаўсюджванне чытання, уцягванне ў працэс дзяцей і падлеткаў, фарміраванне ў іх патрэбы да чытання, прывабнага аблічча бібліятэкі як месца, дзе заўсёды можна знайсці разуменне і дапамогу. Марына Пятроўна лічыць, што прыцягненне да чытання – вельмі складаная задача. Прымусіць чытаць – немагчыма, заразіць чытаннем – можна.
2012 год быў аб’яўлены ў нашай краіне Годам кнігі. З гэтай нагоды ў Залескай сельскай бібліятэцы прайшоў шэраг мерапрыемстваў па папулярызацыі кнігі і чытання.
Вялікую ўвагу ў сваёй паўсядзённай практыцы бібліятэкар надае арганізацыі кніжных выстаў. Выстава – выдатная рэклама кніг і чытання. Так, на кніжная выставе «Чытацкае журы» рамяшчаліся заклікі-пажаданні: «Жадаеш быць лепш – ЧЫТАЙ! » і «Чытаем разам!». Гэта свайго роду акцыя па прыцягненні падрастаючых чытачоў да кнігі і чытання. Дзецям прапанавалася прачытаць кнігу з выставы, ацаніць яе змест і прымацаваць налепку адпаведнага колеру на вокладцы кнігі. Крытэрыі адзнакі такія: чырвоная налепка – «кніга проста супер!»; жоўтая – «цікава, але не вельмі!»; зялёная – «нават і чытаць не трэба!».  Выстава карысталася вялікім попытам: звыш 30 кніг атрымалі рэцэнзіі чытачоў.
Для маленькіх чытачоў у бібліятэцы ёсць дзіцячы куток «Цудоўная крынічка», дзе можна знайсці яркія кнігі беларускіх аўтараў Якуба Коласа, Раісы Баравіковай, Генадзя Аўласенкі, Яўгенія Хвалея, Мікалая Чарняўскага і інш. Асноўная мэта кутка – з дапамогай гульнёвых формаў прыцягнуць дзяцей да чытання літаратуры. Тут можна любімую кніжку прачытаць, пазнаёміцца з новым творам, разгадаць крыжаванку, адгадаць загадкі, творчае заданне выканаць, а таксама бібліятэкар вучыць дзяцей беражлівы адносінам да кнігі і шмат іншаму.
Каб зрабіць бібліятэку прывабнай для чытачоў, выклікаць іх цікавасць і дапамагчы ў выбары добрых кніг афармляюцца яркія і інфармацыйна-насычаныя выставы з аглядамі, вандроўкамі ў далёкія гарады і краіны ці па знакамітых літаратурных мясцінах.

 

 

Выстава з аглядам «Да здравствует КНИГА!» была арганізавана ў рамках Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. Экспазіцыя выклікала цікавасць юных чытачоў. Вялікім попытам карысталіся ў чытачоў выставы: «Любы край Беларуссю завецца», «Супернавінкі! Спяшайцеся прачытаць», «Ад мінулага ў сёння і ад сёння – у заўтра вядзе нас друкаванае слова». Увагу чытачоў да юбілейных дат беларускіх пісьменнікаў прыцягвалі выставы: «Волаты беларускага слова» (130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа), «Ён душой і сэрцам служыў Беларусі» (85 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава, народнага пісьменніка Беларусі), «Адвечная сіла зямлі» (90 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа), «Чараўнік слова» (100 гадоў з дня нараджэння Васіля Віткі), «Паэт, асветлены зоркай» (120 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча), «Шлях, вызначаны лёсам» (100 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка) і інш. Павышэнне чытацкай актыўнасці дзяцей і падлеткаў Марына Пятроўна падтрымлівае праз прыцягненне іх да ўдзелу ў бібліятэчных мерапрыемствах і акцыях.

Штогод у бібліятэцы арганізоўваецца Дзень дашкольніка «У бібліятэку – дзіцячым садком». Сёлета ў ім прынялі ўдзел 13 дзяцей. Для дашкольнікаў была арганізавана экскурсія «Тут жывуць кнігі», на якой казачныя героі, якія «сышлі» з кніжных старонак, распавядалі дзецям правілы карыстання бібліятэкай і кнігай. Аформлена кніжная выстава «Разумным дзеткам – лепшыя кніжкі», паказаны лялечны спектакль па матывах народнай казкі «Курачка – раба». Правядзенне такіх Дзён дае толькі добрыя вынікі. Дахаты дзяўчынкі і хлопчыкі пайшлі з добрым настроем і кнігамі для чытання. Дзеці, нават калі не ўмеюць чытаць, усё роўна разам з бацькамі ідуць у бібліятэку, як у казачны дом.
Займаючыся распаўсюджваннем кнігі для маленькіх чытачоў, бібліятэкар выходзіць за рамкі сваёй установы і з’яўляецца частым госцем дзіцячага садка. Улічваючы псіхалагічныя асаблівасці ўзросту, бібліятэкар старанна рыхтуецца да кожнай сустрэчы. У працы ёй дапамагае казачны персанаж – «мядзведзь». Ён прыходзіць з чароўным куфэркам, у якім схаваны гульні, віктарыны, загадкі, салодкія прызы і інш. Марына Пятроўна ў мерапрыемствах выкарыстоўвае і гучнае чытанне казак, гутаркі аб прачытаным, тэатралізаваныя мініяцюры, віктарыны і інш. Для самых маленькіх чытачоў прайшлі наступныя мерапрыемствы: конкурс загадак «Загадкі сеем, як зярняты, каб ураджай сабраць багаты»; гульня – забаўлянка «Падарожжа з доктарам Айбалітам»; Дзень казкі «Самыя дзіўныя ў свеце казкі» і іншыя.

Добрай традыцыяй стала штогадовае правядзенне Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. У 2012 годзе Тыдзень прайшоў пад назвай «Добрыя кнігі – сябры назаўжды» і уключаў: свята чытацкіх задавальненняў «Сустрэча кніжкіных сяброў», паядынак аматараў казкі «У свеце казак і цудаў», тэатралізаванае прадстаўленне «Кніжнае царства – прамудрая дзяржава».
Лета для Залескай сельскай бібліятэкі не «мёртвы» сезон у рабоце з дзіцячым чытачом, а час творчасці, фантазіі, актывізацыі ўсіх форм індывідуальнай і масавай работы. Каб ператварыць лета ў сезон захапляльнага цікавага чытання, бібліятэка рэалізуе праграму летніх чытанняў «Вакол кнігі за 90 дзён».

 

 

Жывы водгук у чытачоў знайшоў летні штодзённы праект «З кнігай сустракаемся кожны дзень», дзе дзецям, апрача літаратурных гульняў, аўкцыёнаў, яркіх нетрадыцыйных выстаў, было прапанавана стаць удзельнікамі чытацкай акцыі «Прачытай кнігу – перадай сябру!». Удзел у акцыі прынялі 45 дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту. Пасля чытання кнігі, якая вельмі спадабалася, яны запаўнялі паштоўку-рэкамендацыю «Чытай з намі! Чытай больш нас!», здавалі яе разам з кнігай у бібліятэку і прыводзілі з сабой сяброў.
Цікава прайшло тэатралізаванае свята «Цудоўная краіна дзяцінства». У ролі персанажаў выступілі старшакласнікі. Яны перанеслі гасцей у дзіўны свет казак. Забаўляльная Баба – Яга і Васіліса Прамудрая, праводзілі для дзяцей вясёлыя віктарыны і конкурсы. На свяце таксама адбылося ўручэнне падарункаў.
Удалым, на наш погляд, было правядзенне цыкла мерапрыемстваў «Часопісны свет – ён твой!», гадзіна перыёдыкі «Па лабірынтах часопісных артыкулаў», прэс-кур’ер «Самыя вядомыя і цікавыя» – вось далёка не поўны пералік праведзеных мерапрыемстваў. Пасля такіх мерапрыемстваў, як правіла, цікавасць у дзяцей да перыядычных выданняў значна ўзрастае.

Рэкламе новай кнігі – увага асабістая. Гэта не толькі арганізацыя кніжнай выставы «Новыя кнігі!», «Для самых маленькіх чытачоў», але і гадзіны інфармацыі, якія застаюцца эфектыўнай формай азнаямлення чытачоў з новымі паступленнямі.
Адной з асноўных сваіх задач Марына Пятроўна Хрысціна лічыць работу з бацькамі, адраджэнне традыцый сямейнага чытання, дапамогу ім у асэнсавання каштоўнасці кнігі як асабістага развіцця дзіцяці. Для бацькоў падрыхтаваны рэкамендацыйны спіс літаратуры «Карагод дзіцячых прыгод». У бібліятэцы праходзяць «бацькоўскія гадзіны», на якіх бібіятэкар апавядае пра творчасць дзіцячых пісьменнікаў, расказвае аб ролі кнігі для развіцця дзіцяці, рэкамендуе кнігі.
Бібліятэкар выхоўвае ў дзяцей беражлівыя адносіны да кнігі як да самага добрага і надзейнага сябра. Праводзяцца «Дні здароўя» для кніг. У гэты дзень дзеці разам з бібліятэкарам рамантуюць старыя кнігі Марына Пятроўна знаёміць з правіламі абыходжання з кнігай. Дапамагаюць у гэтым выставы «Пашкадуйце нас, рабяты» і «Дзякуй Айбалітам».
Па папулярызацыі беларускай літаратуры сярод дзяцей і падлеткаў у бібліятэцы вядзецца мэтанакіраваная праца. Адным з асноўных рэсурсаў, якія дазваляюць забяспечваць бібліятэчнае абслугоўванне, з’яўляецца дакументальны фонд. Аб’ём бібліятэчнага фонду на беларускай мове на пачатак 2012 года склаў 4862 (больш 28% ад агульнага фонду).
Каб данесці да кожнага карыстальніка найважнейшыя каштоўнасці роднай мовы, паказаць яе прыгажосць, самабытнасць і непаўторнасць, бібліятэкар (акрамя нагляднай выставачнай дзейнасці) запрашае чытачоў на розныя мерапрыемствы, прысвечаныя юбілеям беларускіх пісьменнікаў: літаратурная гадзіна «Жыццё пісьменніка – жыццё народа» (90 гадоў з дня нараджэння Івана Шамякіна, народнага пісьменніка Беларусі), літаратурны партрэт «Адвечная сіла зямлі» (90 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа, народнага пісьменніка Беларусі), вечар-партрэт «Светлы след будзе вечна жывым» (120 гадоў з дня нараджэння М.Багдановіча), відэапрэзентацыя «Незабыўны Максім Багдановіч» і інш.

 

Адным з цікавых мерапрыемстваў стала акцыя «Я люблю чытаць!». У Дзень правядзення акцыі ў кнігі ўкладваліся маляўнічыя закладкі з лагатыпам Года кнігі і ўрыўкамі з вершаў беларускіх паэтаў, з іншага боку – інфармацыя пра бібліятэку. У выніку было распаўсюджана 80 закладак. Пасля праведзенай акцыі ўзрасла колькасць наведванняў бібліятэкі і з’явіліся новыя чытачы.
Адной з яркіх падзей 2012 года для юных чытачоў Залескай бібліятэкі стаў раённы конкурс чытальнікаў «Паэтычны вянок Беларусі», які праходзіў у Чачэрскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Залескую бібліятэку прадстаўлялі два ўдзельнікі. Хрысцін Аляксандр заняў пачэснае 3 месца. Дадому ён прывёз Дыплом і падарунак – кнігу Міхася Болсуна, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, ураджэнца Чачэршчыны і шмат уражанняў.
На восеньскіх канікулах у бібліятэцы была арганізавана акцыя «З вершам у кішэні». Бібліятэкар падрыхтавала невялікія лісты паперы з вершамі беларускіх аўтараў. Для самых маленькіх – вершы-загадкі, для старэйшых – вершы аб Беларусі, прыродзе, пачуццях і эмоцыях. У гэты дзень пераапранутыя ў казачных герояў дзеці з кішэняў даставалі вершы і ўручалі ўсім наведвальнікам бібліятэкі, тыя ў свой час чыталі іх уголас. Юныя чытачы забіралі з сабой лісточкі з дробнымі радкамі, каб перачытаць іх дома. «Паэтычныя кішэні» хутка пусцелі, што вельмі радавала. Выдача кніг дзецям на беларускай мове складае больш як за 1300 экз. (44% ад агульнай кнігавыдачы).

 Краязнаўчая дзейнасць бібліятэкі

Калі мы кажам пра Радзіму, то ў кожнага з нас, першым чынам, перад вачыма ўзнікаюць малюнкі дзяцінства, якія злучаюць нас з тымі мясцінамі, дзе мы нарадзіліся і выраслі. Вялікая роля ў захаванні нацыянальнай культуры, гісторыі роднага краю адводзіцца бібліятэцы.
Вёска Залессе багатая сваёй гісторыяй, традыцыямі і знакамітымі людзьмі. Далучэнне падрастаючага пакалення да нацыянальнай культуры, звычаяў, да эстэтычных і маральна-этычных каштоўнасцяў – адна з асноўных задач дзейнасці бібліятэкі.
Краязнаўчая дзейнасць бібліятэкі шматгранная: арганізацыя пошукава- даследчай дзейнасці; фарміраванне найбольш поўнай калекцыі краязнаўчых дакументаў на любых носьбітах; раскрыццё народнай творчасці таленавітых землякоў і інш.
Пошукава-даследчую дзейнасць Марына Пятроўна ўжо некалькі год ажыццяўляе разам з дзецьмі ў рамках краязнаўчых экспедыцый «Дакраніся да гісторыі вёскі». У ходзе экспедыцый бібліятэкар і дзеці наведвалі старэйшых жыхароў вёскі, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, вывезеных у Германію, былых работнікаў гаспадаркі, удзельнікаў залескага народнага хору. У выніку сабраныя матэрыялы папоўнілі Летапіс вёскі Залессе і Летапісы вёсак Залескага сельскага Савета.
Добрым набыткам з’яўляюцца народныя святы, звычаі, характэрныя мясцовасці. У альбоме «Святы і абрады вёскі Залессе» можна пазнаёміцца з такімі святамі, як «Васілле» – абрад «Перанос свячы», «Ушэсце», фальклорнае свята «Гуканне вясны», абрад «Ваджэнне стралы» і інш.
Залессе з даўніх часоў славіцца сваімі песнямі. Тут зарадзілася вялікае мастацтва беларускай песеннай культуры. Жанчыны вызначаліся спевамі ў гэтай мясцовасці заўсёды, але ў 1935 годзе аматары песні вырашылі стварыць свой хор. Невялі куток чачэрскай зямлі ўслаўляюць артысты Залескага народнага хору, які даўно прынята лічыць сапраўднай «жамчужынай» раёна.
Бібліятэкар лічыць сваім абавязкам збіраць і захоўваць, а таксама прапагандаваць усё, што тычыцца песеннага фальклорнага мастацтва вёскі Залессе. Яна добра разумее, што фальклор з’яўляецца вялікай каштоўнасцю, крыніцай вывучэння роднага краю, дзейсным сродкам выхавання падрастаючага пакалення. Члены краязнаўчай экспедыцыі адправілася да старэйшых удзельніц Залескага народнага хору Бабкуновай Еўдакіі Ягораўны і Маславай Еўдакіі Пятроўны. Дзеці запісалі больш за 30 народных песень, якія спявалі ў вёсцы і якія з’яўляюцца сапраўдным мастацкім шэдэўрам! У нашай песні – задушэўная мілагучнасць і высокая паэзія. Вынікам экспедыцыі стаў буклет «Матчыны песні». Пры вывучэнні друкаваных матэрыялаў і ўспамінаў удзельніц хору выдадзены буклет «Поющая душа деревни Залесье».
Самае галоўнае багацце культуры людзей Залесся – гэта іх мова. Вось чаму важна захаваць для нашчадкаў і казкі, пачутыя ад старых людзей, і калыханкі, забаўлянкі, прыказкі і прымаўкі з мясцовым дыялектам, каб не страціць іх трапны каларыт. Гэту місію з поспехам выконвае бібліятэкар. Яна разам з дзецьмі сабрала шмат матэрыялаў, якія маюць дачыненне да традыцыйнай культуры вёскі. У выніку выдадзена серыя «Моўныя скарбы»: «Замовы», «Прыказкі і прымаўкі», «Народная міфалогія». Работа ў дадзеным накірунку працягваецца.
Вельмі цікавы дзіцячы фальклор быў запісаны ад Міхальковай Марыі Пракопаўны, якая распавядала, што калыханкі, забаўлянкі, заклічкі і лічылкі яна спявала і расказвала не толькі сваім дзецям, але і ўнукам, і праўнукам. У выніку быў створаны буклет «Дзіцячы фальклор».
Шмат увагі адводзіцца і прапагандзе дэкаратыўна – прыкладнога мастацтва вёскі. Залеская сельская бібліятэка – арганізатар выстаў мясцовых майстрых-вышывальшчыц Е.Я.Загорцавай, Е.Я.Бабкуновой і прэзентацый іх творчай дзейнасці. Іх яркія працы займаюць ганаровае месца і ўпрыгожваюць інтэр’ер бібліятэкі.
Таксама бібіліятэкар ладзіць выставы майстроў вёскі на пляцоўцы каля бібліятэкі падчас такіх мерапрыемстваў, як свята вёскі, Масленіца, Дажынкі, вясковы кірмаш.
Назапашаны матэрыял экспануецца на выставах «Зямля бацькоў – жыцця крыніца», «Пра край родны, край прыгожы!», «Наша спадчына». Усе краязнаўчыя матэрыялы даступны кожнаму жыхару сяла. Школьнікі і студэнты карыстаюцца імі для сваіх даследчых, курсавых і дыпломных прац.Увесь назапашаны матэрыял па краязнаўству адлюстроўваецца ў краязнаўчай картатэцы. У склад краязнаўчага даведачна-бібліяграфічнага апарату ўваходзяць таксама картатэкі: «Знакамітыя ўраджэнцы», «Удзельнікі значных гістарычных падзей», «Народныя ўмельцы», «Носьбіты фальклору».

Адным з асноўных напрамкаў патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення з’яўляецца ўшанаванне памяці аб людзях, што змагаліся за свабоду сваёй краіны ў час Вялікай Айчыннай вайны. Таму бібліятэкар Залескай сельскай бібліятэкі вырашыла ў 2010 годзе стварыць «Куток баявой славы». Частка матэрыялаў ужо была ў бібліятэцы, другую яна пачала збіраць з дзецьмі. Зараз «Куток баявой славы» налічвае звыш 70 дакументаў і экспанатаў. Знаходзяцца тут матэрыялы пра трох Герояў Савецкага Саюза: М.С.Байкова, М.К.Круглікава, Ц.П.Новікава, ураджэнцаў Залескага сельскага Савета. Сабраны дакументы, узнагароды, фатаграфіі, успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дзяцей вайны. Сярод экспанатаў у кутку мундзір генерала-маёра, каска, гільзы і інш. Матэрыялы, якія захоўваюцца ў кутку, з’яўляюцца «сведкамі» гісторыі. З экспанатамі гэтага музейнага кутка навучэнцаў знаёміць бібліятэкар. Сёлета адбыўся Дзень памяці «Роднаму краю – вернасць захоўваючы», прымеркаваны 90-годдзю з дня нараджэння Вярбовікава М.Я., ваеначальніка, жыхара в.Залессе; урок мужнасці «Мужнасць наша ва ўсе часы» пра Герояў Савецкага Саюза – ураджэнцаў Залескага сельскага Савета і інш. На базе Кутка праводзяцца ўрокі гісторыі, экскурсіі для вучняў Залескай школы.

Праца па краязнаўству невычэрпная. Тут адкрываюцца ўсё новыя і новыя гарызонты. У планах на будучыню: далейшае пашырэнне фонду краязнаўчай тэматыкі, праца над Летапісам сяла, пошук новых матэрыялаў, сустрэчы з носьбітамі фальклору. Бібліятэкар робіць усё магчымае, каб жыццё бібліятэкі і далей заставалася насычаным, цікавым для чытачоў.
Мінулае і сучаснае вёскі, спадчына папярэдніх пакаленняў, іх традыцыі, побыт, звычаі, прыродная своеасаблівасць мясцовасці і шматлікае іншае – усё гэта нярэдка становіцца тэмай розных мерапрыемстваў. Сумесна з Залескім кінаканцэртным цэнтрам праводзіліся святочныя мерапрыемствы на Каляды, Масленіцу, Вялікдзень, Купалле, Ушэсце. Формы правядзення мерапрыемстваў разнастайныя: калядныя сустрэчы «Добры вечар, шчодры вечар», тэатралізаваныя ўяўленні «Ідзе Каляда калядуючы», фальклорныя вячоркі «Адчыняем вароты – Масленіца ў госці прыйшла», велікодныя вячоркі «На святым тыдні», фальклорнае свята «А на Купалу рана сонца грала», абрады Зажынкі «Свята першага снапка», Дажынкі «Буслы ў небе – будзем з песняй і хлебам», лазневы падворак «Запрашае ў госці Баннік».
Падрыхтоўка да свята – добрая нагода яшчэ раз звярнуцца да нацыянальнай культуры, да яе вытокаў. Удзельнікі мерапрыемстваў пазнаюць шмат цікавага і новага з гісторыі сваёй малой радзімы, знаёмяцца з традыцыямі і абрадамі сваёй мясцовасці. Мерапрыемствы праходзяць у ненадакучлівым настроі. Прыклад таму – тэатралізаваныя калядныя мерапрыемствы. Чаго тут толькі няма! І песні са скокамі, і вясёлая забаўка – пераапранутыя каза, мядзведзь, цыгане. Ну і, вядома ж, гульні-спаборніцтвы. А ў завяршэнне мерапрыемства ўсе госці частуюцца пірагамі і чаем. Яркія ўражанні застаюцца ад масленічных мерапрыемстваў. Гаспадыня свята Масленіца шчодра дзеліцца сваім гасцінным сталом з блінамі і забаўкамі.
Вось так вобразна і ярка, весела і забаўляльна праходзяць народныя святы ў Залескай сельскай бібліятэцы.
А вынік ад такіх мерапрыемстваў вялікі. Узрастае цікавасць дзяцей, маладых людзей да гісторыі сваёй малой радзімы.
Як прафесіянал бібліятэкар шукае новыя цікавыя формы працы і імкнецца прывіваць чытачам любоў да роднага краю, да сваіх вытокаў і нацыянальных традыцый.
Краязнаўства адыгрывае вядучую ролю ў патрыятычным і гуманістычным выхаванні падрастаючага пакалення, таму што з’яўляецца магутным сродкам ўздзеяння на душы і сэрцы дзяцей. І сапраўды, адна справа бачыць першабытныя прылады працы на фотаздымку ў кнігах і зусім іншая – патрымаць іх у руках. З гэтай мэтай і быў створаны бібіліятэкай і Залескім кінаканцэртным цэнтрам музей сельскага побыту «Беларуская хатка», які набліжае гісторыю да парога ўласнай хаты, робіць яе больш яскравай і канкрэтнай. Дзеці пачынаюць адчуваць, што гісторыя, якую яны вывучаюць, тварылася тут, у роднай мясцовасці, і тварылі яе таксама і іх продкі.
На сённяшні дзень у музеі налічваецца каля 200 экспанатаў, якія ўключаюць сялянскія рэчы, прылады працы, мастацкую вышыўку, ткацтва і інш. Частка экспанатаў была набыта ў час краязнаўчых экспедыцый «Дакраніся да гісторыі вёскі». Музей – не толькі імітацыя беларускай хаткі. За ўсім гэтым – сур’ёзная пошукавая работа.
Самае галоўнае ў любым музеі – атмасфера, нешта такое, што аб’ядноўвае ўсе рэчы ў адно цэлае. Зробленая печ выглядае як сапраўдная. Тут і чыгункі на прыпечку, і ў кутку вілкі стаяць, «тупаюць» па падлозе лапці. Сярод экспанатаў музея – унікальныя «Чачэрскія ручнікі», а яшчэ можна ўбачыць старынную ступу. Здаецца, адчуваеш пах сапраўднай сялянскай хаты, чуеш трэск агню, плач немаўляткі… А вочы разбягаюцца! Не хапіла б, пэўна, і ліста, каб толькі пералічыць усе экспанаты, так як пра кожны можна напісаць артыкул. Паўсюль саматканыя посцілкі і ручнікі з карункамі і вышыўкаю. На лаўцы ляжаць бёрды і чаўнакі, маюцца рабочыя ткацкія станкі, гледзячы на якія, уяўляеш, як цяжка давалася ткачысе яе праца.
Маецца ў музеі маслабойка, зробленая без адзінага цвіка, кадушка для захоўвання харчоў, бочка і інш.
Усе прылады сялянскай працы, якія ёсць у музеі, можна выкарыстоўваць у працы і сёння. Самаробныя прылады і інструменты вабяць асаблівай сялянскай прыгажосцю, здзіўляюць выключнай непаўторнасцю, выразнасцю, надзейнасцю.
Бібліятэкар разам з дзецьмі стварылі электронную экскурсію па экспанатах музея «Скарбы з вясковага куфра». Музей «Беларуская хатка» стаў наглядным дапаможнікам пазнання бацькаўшчыны, далучэння сучаснікаў да яе культурна-абрадавых самабытных каранёў і традыцыйнай народнай культуры.
На базе музея біліятэкар ладзіць цікавыя і змястоўныя мерапрыемствы: экскурсіі, дні адкрытых дзвярэй, майстар-класы, праводзіць абрады, гульні, конкурсы песень і прымавак. Сцэнарыі пішуцца з выкарыстаннем мясцовага матэрыялу, а экспанаты становяцца працоўнай прыладай ў падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў. Марына Пятроўна Хрысціна імкнецца ўключыць экспанаты ў працу: ткацкі станок, ручнік, калыску, самапраху, якія ўспрымаюцца як прадмет мастацтва і матэрыяльнай культуры.
Высакароднай задачай бібліятэкар лічыць знаёмства дзяцей з народным мастацтвам. Такія мерапрыемствы яна праводзіць праз сустрэчы з народнымі ўмельцамі. У вёсцы Залессе пражываюць цудоўныя майстрыхі- вышывальшчыцы – Еўдакія Якаўлеўна Загорцава, Еўдакія Ягораўна Бабкунова. Сустрэчы з імі, іх аповяды пра ранейшы побыт і жыццё вельмі падабаюцца дзецям.
Цікавай формай краязнаўчай работы ў бібліятэцы з’яўляюцца віктарыны. Дзеці з нецярпеннем чакаюць іх правядзення. Яны ўключаюць ад 20 да 70 пытанняў па наступных раздзелах: народныя прыкметы, прырода роднага краю, лясная аптэка, свет жывёл, прылады працы і інш. Віктарыны стымулююць дзяцей да чытання краязнаўчай, даведачнай літаратуры. Гэтыя мерапрыемствы з’яўляюцца сродкам прапаганды і папулярызацыі краязнаўства сярод навучэнцаў, прывіваюць любоў да роднага краю.Змястоўна прайшлі і запомніліся мерапрыемствы: экскурсія па музеі «Скарбы бабулінага куфра», краязнаўчы  вечар  «Крылы льняныя – Ручнікі…», майстар – клас па вышыўцы, конкурсная праграма «Прыказкі і прымаўкі»,  фальклорнае свята «Чароўны куфэрак» і інш. Сінтэз бібліятэчнага і музейнага пачатку ў бібліятэчнай дзейнасці – гэта не модны павеў, а натуральная форма арганізацыі  абслугоўвання насельніцтва, разлічаная на доўгі час.

                 Больш за 20 год працуе пры Залескай сельскай бібліятэцы аматарскае аб’яднанне «Гаспадыня», удзельнікамі якога з’яўляюцца як дарослыя, так і дзеці. Адраджэнне і захаванне народных традыцый, сямейна-побытавых абрадаў в.Залессе, прыцягненне дзяцей і моладзі да заняткаў народнай творчасцю – такая прыярытэтная задача дзейнасці бібліятэчнага клуба. Перавагу ў сваіх пасяджэннях клуб «Гаспадыня» надае традыцыйнай кухні, таму што ежа з’яўляецца важным этнакультурным і сацыяльным паказчыкам; яна дае нам уяўленне аб народзе, яго звычаях, гурманскіх густах, духоўных светаўяўленнях, бытавых традыцыях. Так, у час пасяджэнняў маленькія гаспадынькі даведаліся, што стравы, якія знаходзіліся на традыцыйным стале заляшан, былі багатымі і разнастайнымі. Займаючыся пошукавай дзейнасцю, было прынята рашэнне сабраць рэцэпты ў сваіх бабуль. Разам з бібліятэкарам яны падрыхтавалі электронную прэзентацыю «Пакаштуйце, смачна!».

         Традыцыйнымі ў студзені для гаспадынь сталі калядныя сустрэчы «Добры вечар, шчодры вечар» , дзе ўдзельніцы звычайна дэманструюць, распавядаюць і паказваюць, як раней накрываўся стол. У прыватнасці, на посную куццю страў было шмат: кісель, хлебны квас, бліны, клёцкі, аладкі і абавязкова ячменная густая каша.ельмі чакаюць маленькія ўдзельніцы велікодных пасядзелак, дзе яны вучацца не толькі новым рэцэптам, але і маюць магчымасць пакаштаваць духмяныя пасхі, пагуляць у наўбіткі пафарбаванымі яйкамі. Таксама ў гэты дзень арганізуецца выстава велікодных булак, прыгатаваных удзельніцамі «Гаспадыні».

    Пасяджэнні «Гаспадыні» адбываюцца не толькі ў рамках народных свят, але і ў час нарыхтоўкі запасаў на зіму. Цікава прайшла кулінарная гадзіна «Смачныя разнасолы для вашага стала», дзе ўдзельнікі аб’яднання прынеслі свае нарыхтоўкі, засолкі, вучыліся адзін у аднаго сакрэтам назапашванняў на зіму. Усе прынесеныя прыпасы дэманстраваліся на выставе ў бібліятэцы з апісаннем прыгатавання. Жадаючыя маглі пазнаёміцца з сакрэтамі «Гаспадыні». Жывым прыкладам пераемнасці стала пасяджэнне «Капусныя вячоркі»: сталыя гаспадыні вучылі маладых, дзяліліся з імі сакрэтамі рэцэптаў квашання капусты.   Цікава прайшлі мерапрыемствы: Дзень беларускай кухні «Бабуліны рэцэпты», кулінарная вечарына «Каб пілося, елася і яшчэ хацелася», кулінарная гадзіна «Кухня без сакрэтаў: традыцыі нацыянальнай кухні» «Гаспадынькі» падрыхтавалі рэцэпты страў, якія гатавалі яшчэ іх бабулі ў перыяд ад Каляд да Масленіцы. Сакрэтамі вырабу каўбас, засолкі сала і іншых страў падзяліліся старэйшыя ўдзельніцы клуба. Удзельніцы аматарскага аб’яднання вельмі гасцінныя. Таму і давяраюць менавіта ім сустракаць гасцей у бібліятэцы. Частуюць яны сваімі гаючымі напоямі з травы, куляшом, драчонікамі, грыбамі, белым кісялём. Такія таленты проста не маюць права заставацца незаўважанымі. Іх умельства і майстэрства абавязкова павінны быць перададзены маладому пакаленню! Сёння бібліятэка аграгарадка Залессе – інфармацыйна-дакументальны цэнтр Залескага сельскага Савета, цэнтр захавання і прапаганды нацыянальнай спадчыны і культуры, якая выкарстоўвае лепшыя традыцыйныя і новыя формы работы, прымае актыўны ўдзел у выхаваўчым працэсе падрастаючага пакалення, імкнецца да развівіцця яго творчага патэнцыялу. Змяняюцца пакаленні, змяняецца навакольны свет, але ўсё гэтак жа, як і шмат гадоў назад, заляшане сябруюць з кнігай і бібліятэкай. І па-ранейшаму ў бібліятэцы пануе добразычлівая атмасфера, працуе адданы сваёй справе чалавек, гатовы прыйсці на дапамогу любому наведвальніку.